Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Рым 13, 11-14
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Адкінем учынкі цемры»
* «Будзем паводзіць сябе прыстойна»
* «Апранемся ў Пана Езуса Хрыста»
11 Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі. 12 Ноч мінула і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. 13 Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці, 14 але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 108
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* Пазбягайце граху
* Наслядуйце цноты Марыі
* Якія дзесяць цнотаў Марыі?
* Яе глыбокая пакора,
* Яе жывая вера,
* Яе сляпая паслухмянасць,
* Яе няспынная малітва,
* Яе цалкавітае ўтаймаванне цела
[l08] Па-трэцяе, сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы святое, гэта значыць, яно дае душы ласку пазбягаць граху і наследваць цноты Найсвяцейшай Дзевы, асабліва Яе глыбокую пакору, жывую веру, сляпую паслухмянасць, няспынную малітву, поўнае ўтамаванне плоці, боскую чысціню, гарачую любоў, гераічную цярплівасць, анёльскую пяшчотнасць і боскую мудрасць. Гэта дзесяць галоўных цнотаў Найсвяцейшай Дзевы.
Практыкаванне: выбяры якую-небудзь цноту Марыі і практыкуй яе на працягу дня.