Малітва:
Прыйдзі,
Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,
Напоўні
ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы
Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне
нашых душ.
Ты
спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.
Праз
Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў
прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум
нашыя,
І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты
узмацняй.
Ты
злога духа адгані і супакоем адары,
Заўсёды
за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына
пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва
ўсе часы.
Богу
Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю,
Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Кожны
з нас прыносіць разам з сабой свой тэмперамент і свой уласны характар: гэтае
фізіялагічнае і маральнае спалучэнне, якое стварае нашую асабовасць і нашае “я”.
b) Езус
і Марыя мелі тэмперамент і характар дасканала ўгарманізаваны, у той час, як наш
сапсаваны першародным грахом.
c) Ці
спрабаваў я пазнаць свой тэмперамент? Ці я настолькі вытрывалы, што ніякая рэч
не зможа мяне знеахвоціць, калі я жадаю дайсці да вызначанай мэты? Ці наадварот,
я нясмелы, поўны страху або абыякавы? Ці адступаю перад абліччам адказнасці,
перад перад прыняццем рашэння? Ці я меланхалічны, летуценны, занадта ўражлівы,
ці таксама вясёлы, узбударажаны і занадта нэрвовы? Ці я энэргічны і ўпарты, або
хутчэй бязвольны і капрызны? Ці дбаю пра сваю выгаду, ці не шкадую матэрыяльнай
выгады для дабра справы, якую трэба выканаць? Ці хачу я любіць, даказваць сваю
прывязанасць і прысвяціць сябе той асобе, якую люблю? Або можа эгаістычна
засяроджваюся на сабе? Ці я схільны хутэчй да крытыкавання, чым да дзеяння? Ці
я разважлівы, ці хутчэй запальчывы і нядбалы? Ці я сумленны? Ці я сапраўды
стараюся маральна быць лепшым? Ці стараюся быць праўдзівым у словах, думках і
ўчынках? Ці я не хвалюся тым, чаго павінен саромецца?
d) Беззаганная Маці, Ты самая
прыгожая, дапамажы мне ўпарадкаваць сваё жыццё ў раўнавазе праўды і ласкі.
Чытанне:
Ян 1,
19-27: "І вось
сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны
спыталіся ў яго: «Хто ты?» Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: «Я не
Месія». І спыталіся ў яго: «Дык хто ж?
Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». Тады сказалі яму:
«Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?»
Ён сказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”, як
сказаў прарок Ісая». А пасланцы былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў
яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?» Ян сказаў
ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той,
хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных».”
Т.
Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. V “Аб цудоўным выніку Божае любові”:
1.
Бласлаўляю Цябе, Айцец Нябесны, Айцец Госпада майго Езуса Хрыста, што зволіў
успомніць на мяне беднага. О, Айцец міласэрнасці і Бог усялякае пацехі
(Кар 1, 3), дзякую Табе, што мяне нягоднага ніякай пацехі часам суцяшаеш.
Бласлаўляю Цябе заўсёды і выхваляю з Сынам Тваім Адзінародным ды Духам Святым
Суцяшальнікам на вякі вякоў. Ах, Госпадзе Божа! Любоў мая святая! Калі Ты
з’явішся ў сэрцы маім, узвесяліцца душа мая. Ты слава мая ды вяселле сэрца
майго; Ты надзея мая і бяспека ў дзень турботаў маіх (Пс 31, 7).
Аднак,
таму, што кволы я ў любові ды недасканалы ў цнотах, дык неабходна мне, каб Ты
мяне падтрымаў і суцешыў; і таму адведвай мяне часцей і вучы святой навукі
Тваёй… Вызвалі мяне ад нахілаў благіх і вылячы сэрца маё ад усіх нягодных
пажаданняў, каб быў унутрана я здаровы ды, як трэба, чысты, каб здолаў належна
любіць Цябе, каб быў дужы ў цярпенні і сталы ў вытрываласці.
3.
Вялікая справа – любоў, вялікшая яна за ўсялякае дабро, бо яна адзіная аблягчае
ўсякі цяжар і дае сілу роўна знесці ўсякую прыгоду. Яна лёгка нясе ўсялякі
цяжар, а ўсё горкае і салодкае і прыемнасць перайначвае. Шляхетная любоў Езуса
заахвочвае да дзеяння вялікага ды пабуджае імкнуцца штораз да большай
дасканаласці. Любоў уверх імкнецца і не дае заблытацца маленькімі справамі. Любоў
хоча быць свабоднаю і вольнаю да усялякіх зямных звычак, каб нічога не
перапыньвала ўнутраных яе імкненняў, каб не спыніцца дзеля нейкае дачаснае
выгады, або каб ня ўпасці дзеля якой непамыснасці. Няма нічога больш салодкага,
чымся любоў, нічога дужэйшага, нічога вышэйшага, нічога шырэйшага, нічога больш
мілага, нічога больш паўнейшага, нічога лепшага ні ў небе, ні на зямлі, бо
любоў з Бога нарадзілася і толькі ў Богу можа супачыць, вышэй над усімі
творамі.
4.
Хто любіць – лятае быццам на крылах, бяжыць, весяліцца; ён свабодны і ня
спынецца. Дае ўсё за ўсё ўва ўсім, бо ён мае адпачынак у адным дабры вышэйшым з
ўсё, з якога ўсялякае дабро плыве і паходзіць. Не аглядаецца на дары, а
зварочваецца вышэй за ўсялякае дабро – да самага Даўцы. Любоў часта ня ведае межаў,
гарыць вышэй за ўсе магчымасці. Яна ня бачыць цяжару, працы не палохаецца,
нават больш, хоча больш, чым здолае, не спыняецца на ніякай немагчымасці, бо
думае, што ўсё патрапіць, усё зробіць. Дык шмат здолае любоў і шмат зробіць яна
і здзейсніць там, дзе той, што ня мае любові, слабее і гіне.
5.
Змучаная – ня млее, прыціснутая – не паддаецца, спалоханая – не баіцца, – а
быццам жывое полымя ды вогненная паходня ляціць у гару і праходзіць бяспечна.
Калі хто любіць – дык ведае голас любові. Магутным голасам даходзіць да вушэй
Бога палкае пачуццё душы, якая кажа: “Бог мой, мая любоў. Ты мой усенькі, а я
ўсенькая Твая”.
6.
Пашыр ува мне любоў Тваю, каб я зведаў у глыбі свайго сэрца, як салодка любіць,
растаяць у любові і плаваць у ёй. Няхай любоў валодае мною, каб мог я падняцца
вышэй за сябе дзеля велізарнае жарлівасці ды захаплення. Няхай спяваю песні
любові, няхай душа мая ляціць у неба за Табою, о мой Улюбёны! Няхай у
захопленасці любові, спяваючы ды славячы Цябе, душа мая пра сябе забудзецца. Няхай
люблю я Цябе больш за сябе, а сябе толькі дзеля Цябе, а ў Табе ўсіх, каторыя
сапраўды любяць Цябе паводле загадаў любові, што ў Цябе свеціцца.
7.
Любоў хуткая, шчырая, пабожная, удзячная ды мілая; дужая яна, цярплівая,
верная, разумная, вялікадушная, мужная і сябе самое ніколі ня шукаючая. Бо калі
нехта на самога сябе глядзіць – у таго няма любові. Любоў памяркоўная,
прастадушная, не мляўкая, не легкадушная, ня гоніцца за марнымі рэчам;
стрыманая, чыстая, сталая, спакойная і чуйная на ўсе пачуцці свае. Любоў ёсць
падлеглай і паслухмянай старэйшым; сама глядзіць на сябе з пагардаю, а перад
Богам пабожная ды ўдзячная, верыць ды спадзяецца на Яго, нават тады, калі
астывае да Бога, бо нельга пражыць бяз болі ў любові.
8.
Хто не гатовы ўсяго стрываць дзеля Ўлюбёнага ды заўсёды быць у Ягонай волі –
той нягодны, каб называлі яго любячым. Любячаму трэба ўсё цвёрдае і горкае
прымаць дзеля Ўлюбёнага ахвотна і дзеля ніякіх супраціўнасцяў ад Яго не
адхіляцца.