Чацвёрты дзень: людзі «гэтага свету» шукаюць адгаворкі.

Малітва да Святога Духа 

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх, 
Напоўні ласкай з вышыні 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн.

Біблійнае чытанне: Лк 14,16-24 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Не шукаць адгаворак
* «Прыйдзіце, убогія, сляпыя, кульгавыя…»
* «Пан запрошвае нас кожнага дня… » 

16 А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. 17 І калі  настаў  час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”.  18 І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець  яго. Прашу цябе, прабач мне”. 19 Другі сказаў:  “Я  купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу  цябе, прабач мне”.  20 Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”. 21 Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі  сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”. 22 І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”. 23 Гаспадар  сказаў  слугу:  “Ідзі  да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой. 24 Бо кажу вам, што ніхто  з  тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”». 

 Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Любоў Спрадвечнай Мудрасці 76 

Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Мудры гэтага свету»
* «Усё павярнуць на карысць сабе»
* «Ён хоча, каб яго лічылі сумленным чалавекам»
* «Ён асуджае пабожныя практыкаванні»
* «Ён не клапоціцца аб тым, каб падабацца Богу, а шукае прыемнасці дзеля сябе» 

[76] Мудры гэтага свету з’яўляецца чалавекам, які ўмее добра кіраваць сваімі справамі і ўсё павярнуць на карысць сабе, хоць з першага погляду яго гэта зусім не цікавіць;  ён валодае майстэрствам хутка змяніцца і вельмі ўмела падмануць так, што ніхто гэтага не заўважыць; ён кажа адно, а робіць зусім іншае;  яму ўласцівыя  манеры і паводзіны гэтага свету; ён можа добра прыстасавацца да кожнага, каб дасягнуць сваёй мэты, не вельмі клапоцячыся пра Божыя справы; ён імкнецца ўстанавіць укрытую, але вельмі небяспечную згоду праўды з хлуснёй, цноты з грахом, Езуса Хрыста з дэманам; ён хоча, каб яго лічылі сумленным чалавекам, але не пабожным; ён пагарджае, атручвае і лёгка асуджае ўсе пабожныя практыкаванні, якія не дастасоўваюцца да яго ўласных практыкаванняў. Нарэшце, мудры гэтага свету – гэта чалавек, які кіруючыся толькі святлом развагі і людскога розуму, імкнецца толькі зрабіць выгляд хрысціяніна і сумленнага чалавека, не вельмі клапоцячыся аб тым, каб падабацца Богу і пакутваць за грахі, якія ён учыніў супраць Божай Велічы.

Пытанне: Якія адгаворкі я найчасцей ужываю, каб не ісці за Езусам Хрыстом?

На заканчэнне: малітва святога ружанца.